5 вартых чытання твораў беларускай літаратуры.

5 вартых чытання твораў беларускай літаратуры.


1.Альгерд Бахарэвіч “Сабакі Эўропы”.

Сапраўдны выклік аматарам беларускай літаратуры. Інтэрактыўная кніга, якая прымусіць вашы мазгі варушыцца, і Бахарэвіч не зусім не пакідае нам шанцаў выбрацца з твора, дадаючы да яго загадкавую штуку пад назвай “бальбута” (мова, прыдуманая аўтарам, са сваёй граматыкай і слоўнікам). Узбройвайцеся паперай і алоўкам, каб працаваць з творам.


2.Валеры Гапееў “Ноч цмока”.

Правінцыя, пасярод поля знаходзяць мёртвую голую дзяўчыну, а слядоў вакол няма, нават не вельмі зразумела, як яна на тое поле трапіла, ды яшчэ і голая (і толькі пасля родаў). Сродак забойства таксама застаецца таямніцай, толькі маленькая дзірка на целе дзяўчыны, і следчы Васіль павінен раскруціць гэты клубок, хоць яшчэ не ведае, што разгадка можа каштаваць яму жыцця. Гэта такі твор, паводле якога амерыканцы лёгка б знялі атмасферны серыял (накшталт True detective). Дэтэктыў, эротыка, каханне, містыка, беларуская міфалогія — у суме добры ўзор сучаснай літаратуры.


3.Сяргей Пляскач “Пярэваратні ў пагонах і без” (толькі электронная кніга).

Галоўная гераіня кнігі, Ірка Баброва, жыве ў глухмені і ненавідзіць сваё жыццё: маці даўно забіла на выхаванне дачкі, айчым алкаш, ад аднакласнікаў чуе толькі здзекі, адзенне носіць не моднае, смартфона няма… Звычайныя падлеткавыя праблемы для Іры выліваюцца ў катастрофу сусветнага маштабу, і яна пачынае распрацоўваць план уцёкаў ад такога жыцця: марыць, каб на дарозе адбылася аварыя (у іх раёне ёсць адно трагічнае месца, дзе часта разбіваюцца), пажадана інкасатарскай машыны, тады яна зможа ўзяць сабе трошкі грошай і з’ехаць з роднага Друцку назаўсёды. Сучасны раман пра беларускія рэаліі.


4.Сяргей Календа “Трохлітровая проза”.

Кніга, якая складаецца з трох абсалютна розных частак. У літаратурным праекце “Архітэктурныя апавяданьні” аўтар зазірае ў чужыя вокны, аповесць “Генэрацыя фанцікаў і фішак” расказвае пра нас, якімі мы былі ў дзяцінстве. Кожны, чыё дзяцінства прайшло ў "дзевяностых" знойдзе там нешта блізкае сабе. "Скура зямлі" — гэта апавяданні пра нашу рэчаіснасць, пра тое, што побач, вакол.


5.Людміла Рублеўская “Дагератып”.

Малады вучоны Гальяш Масевіч збіраецца эміграваць у Амерыку да нявесты, а кватэру (спадчыну дзеда) на некаторы час пакідае знаёмай з дзіўным імем Сімка. Рыхтуючыся да пераезду і разбіраючы старыя дзедавы рэчы юнакі знаходзяць стары дзённік, і перад імі паўстае таямнічая гісторыя XIX стагоддзя, непасрэдна звязаная са сваякамі Гальяша Масевіча. Містыка, загадкі і каханне — Людміла Рублеўская годна працягвае традыцыі Уладзіміра Караткевіча.



Report Page