3.

3.


РАЗДЗЕЛ VII. 

ФІНАНСАВА-КРЭДЫТНАЯ СІСТЭМА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 141. Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае бюджэтную сістэму, банкаўскую сістэму, а таксама фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян.

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка.

Артыкул 142. Бюджэтная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты.

Даходы бюджэту фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў.

Агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з яго расходнай часткай.

У адпаведнасці з законам у Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды.

Артыкул 143. Парадак складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў вызначаецца законам.

Артыкул 144. Справаздача аб выкананні рэспубліканскага бюджэту прадстаўляецца на разгляд Вярхоўнага Савета не пазней пяці месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фінансавага года.

Справаздачы аб выкананні мясцовых бюджэтаў падаюцца на разгляд адпаведных Саветаў дэпутатаў у вызначаны заканадаўствам тэрмін. 

Справаздачы аб выкананні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў публікуюцца.

Артыкул 145. Банкаўская сістэма Рэспублікі Беларусь складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых банкаў. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносіны, грашовае абарачэнне, вызначае парадак разлікаў і валодае выключным правам эмісіі грошай.

РАЗД3ЕЛ VIII.

ДЗЕЯННЕ КАНСТЫТУЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ I ПАРАДАК ЯЕ ЗМЯНЕННЯ

Артыкул 146. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя, а ў выпадку разыходжання іншага нарматыўнага акта з законам дзейнічае закон.

Артыкул 147. Пытанне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі разглядаецца Вярхоўным Саветам па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікi Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, не менш як 40 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, Прэзідэнта, Канстытуцыйнага Суда.

Артыкул 148. Закон аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і адабрэнняў Вярхоўным Саветам з прамежкам не менш трох месяцаў.

Змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыі не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага становішча, а таксама ў апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета.

Артыкул 149. Канстытуцыя, законы аб унясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў, аб увядзенні ў дзеянне Канстытуцыі і ўказаных законаў, акты аб тлумачэнні Канстытуцыі лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала не менш як дзве трэці ад выбраных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэнне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі шляхам рэферэндуму лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

СТАРШЫНЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

М. Грыб

15 сакавіка 1994 г.

г. Мінск


ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Аб парадку ўступлення ў сілу

Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Артыкул 1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь уступае ў сілу з дня яе апублікавання, за выключэннем яе асобных палажэнняў, якія ўступаюць у сілу ў парадку і тэрміны, устаноўленыя гэтым Законам. 

Артыкул 2. Дзень прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб'яўляецца святочным днём.

Артыкул 3. У дзень уступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь спыняецца дзеянне артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1978 года з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам, а таксама Закона Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 1991 года «Аб наданні статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь».

Артыкул 4. Законы, указаныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, павінны быць прыняты на працягу двух гадоў пасля яе ўступлення ў сілу. У мэтах забеспячэння безумоўнага выканання прынятай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь утварыць Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін з дня ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 5. Законы і іншыя нарматыўныя акты да прывядзення іх у адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць у той частцы, у якой яны не супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 6. На працягу двух гадоў пасля ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь павінны быць прыняты законы, якія рэгулююць пераход да рэалізацыі правоў, прадугледжаных у артыкулах 30 (у частцы свабоднага перамяшчэння і выбару месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь), 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэты пераход павінен быць завершаны не пазней пяці гадоў пасля ўступлення ў сілу адпаведных законаў.

Артыкул 7. Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь захоўваюць свае паўнамоцтвы да адкрыцця першага пасяджэння Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання.

Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання, яго Прэзідыума, Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, прадугледжаныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1978 года з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі, захоўваюцца да заступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду, а паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – да сфарміравання ў парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй 1994 года, Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Пасля заступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання, яго Прэзідыум і Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць паўнамоцтвы, прадугледжаныя Канстытуцыяй 1994 года.

Службовыя асобы, выбраныя або назначаныя Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь дванаццатага склікання, захоўваюць свае паўнамоцтвы на працягу тэрмінаў, устаноўленых заканадаўствам.

Артыкул 8. Устанавіць, што на афіцыйных бланках, пячатках, штампах і іншых афіцыйных дакументах дапускаецца на працягу 1994–1995 гадоў выкарыстанне назвы «Савет народных дэпутатаў» замест назвы «Савет дэпутатаў».

Артыкул 9. Даручыць Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь падпісаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

СТАРШЫНЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

М. Грыб

15 сакавіка 1994 г.

г. Мінск

***

Канстытуцыя і Закон апублікаваны ў газетах «Звязда» і «Народная газета» 30 сакавіка 1994 года.


Report Page