2.

2.


РАЗДЗЕЛ IV. 

ЗАКАНАДАЎЧАЯ, ВЫКАНАЎЧАЯ

I СУДОВАЯ ЎЛАДА

ГЛАВА 3. 

ВЯРХОЎНЫ САВЕТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 79. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь з'яўляецца найвышэйшым прадстаўнічым пастаянна дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 80. Вярхоўны Савет складаецца з 260 дэпутатаў, якія выбіраюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

Дэпутатам Вярхоўнага Савета можа быць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які валодае выбарчым правам і дасягнуў 21 года.

Артыкул 81. Тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета – пяць гадоў.

Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета могуць быць датэрмінова спынены па пастанове Вярхоўнага Савета, прынятай большасцю не менш як дзве трэці ад выбраных дэпутатаў.

Выбары новага складу Вярхоўнага Савета назначаюцца не пазней чым за тры месяцы да заканчэння паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета.

Артыкул 82. Першае пасяджэнне Вярхоўнага Савета склікаецца Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў не пазней чым праз 30 дзён пасля выбараў.

Артыкул 83. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь:

1) назначае рэспубліканскія рэферэндумы;

2) прымае і змяняе Канстытуцыю;

3) прымае законы і пастановы і ажыццяўляе кантроль за іх выкананнем;

4) дае тлумачэнне Канстытуцыі і законаў;

5) назначае чарговыя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета і мясцовых Саветаў дэпутатаў; выбары Прэзідэнта;

6) утварае Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў;

7) выбірае Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь, Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, Старшыню і Савет Кантрольнай палаты Рэспублікі Беларусь, Старшыню і членаў Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

8) вызначае парадак вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы;

9) вызначае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь;

10) зацвярджае рэспубліканскі бюджэт, справаздачу аб яго выкананні, нарматывы адлічэнняў ад агульнадзяржаўных падаткаў і даходаў у мясцовыя бюджэты;

11) устанаўлівае рэспубліканскія падаткі і зборы, ажыццяўляе кантроль за грашовай эмісіяй;

12) ратыфікуе і дэнансуе міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь;

13) прымае рашэнні аб амністыі;

14) вызначае ваенную дактрыну;

15) аб'яўляе вайну і заключае мір;

16) устанаўлівае дзяржаўныя ўзнагароды, класныя чыны і званні Рэспублікі Беларусь;

17) прымае пастановы аб роспуску мясцовых Саветаў дэпутатаў і назначае новыя выбары ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння імі патрабаванняў заканадаўства;

18) адмяняе распараджэнні Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у выпадках, калі яны супярэчаць законам і пастановам Вярхоўнага Савета.

Вярхоўны Савет можа вырашаць іншыя пытанні ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.

Артыкул 84. Галасаванне на пасяджэннях Вярхоўнага Савета ажыццяўляецца дэпутатамі асабіста.

Законы і пастановы Вярхоўнага Савета лічацца прынятымі пры ўмове, што за іх прагаласавала большасць выбраных дэпутатаў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Прынятыя законы ў дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця накіроўваюцца на подпіс Прэзідэнту.

Артыкул 85. Вярхоўны Савет выбірае з ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савета Старшыню Вярхоўнага Савета, Першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета і намеснікаў Старшыні Вярхоўнага Савета.

Артыкул 86. Старшыня Вярхоўнага Савета выбіраецца тайным галасаваннем. Ён падсправаздачны Вярхоўнаму Савету.

Артыкул 87. Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь:

1) ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва падрыхтоўкай пытанняў, якія падлягаюць разгляду Вярхоўным Саветам;

2) вядзе пасяджэнні Вярхоўнага Савета;

3) прадстаўляе Вярхоўны Савет у адносінах з органамі і арганізацыямі ўнутры краіны і за мяжой;

4) падпісвае пастановы, прынятыя Вярхоўным Саветам;

5) прадстаўляе Вярхоўнаму Савету кандыдатуры для выбрання на пасады Першага намесніка і намеснікаў Старшыні Вярхоўнага Савета, Генеральнага пракурора, Старшыні кантрольнай палаты;

6) кіруе работай апарату Вярхоўнага Савета.

Старшыня Вярхоўнага Савета выдае распараджэнні.

Першы намеснік і намеснікі Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь выконваюць па даручэнню Старшыні Вярхоўнага Савета асобныя яго абавязкі і замяшчаюць Старшыню Вярхоўнага Савета ў выпадку яго адсутнасці або немагчымасці ажыццяўлення ім сваіх абавязкаў.

Артыкул 88. Вярхоўны Савет выбірае з ліку дэпутатаў пастаянныя камісіі і іншыя органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання Вярхоўнага Савета, ажыццяўлення кантролю за выкананнем законаў.

У выпадку неабходнасці Вярхоўны Савет можа ствараць следчыя, рэвізійныя і іншыя часовыя камісіі.

Артыкул 89. Для арганізацыі работы Вярхоўнага Савета ствараецца Прэзідыум Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

У склад Прэзідыума Вярхоўнага Савета ўваходзяць Старшыня Вярхоўнага Савета, Першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета, намеснікі Старшыні Вярхоўнага Савета і дэпутаты ў парадку, прадугледжаным Рэгламентам Вярхоўнага Савета.

Прэзідыум Вярхоўнага Савета ўзначальвае Старшыня Вярхоўнага Савета.

Артыкул 90. Права заканадаўчай ініцыятывы ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь належыць дэпутатам Вярхоўнага Савета, пастаянным камісіям Вярхоўнага Савета, Прэзідэнту, Вярхоўнаму Суду, Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду, Генеральнаму пракурору, Кантрольнай палаце, Нацыянальнаму банку, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш як 50 тысяч чалавек.

Артыкул 91. Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета захоўваюцца да адкрыцця першага пасяджэння Вярхоўнага Савета новага склікання.

Артыкул 92. Дэпутат Вярхоўнага Савета ажыццяўляе свае паўнамоцтвы ў Вярхоўным Савеце на прафесійнай аснове або па яго жаданню не парываючы з вытворчай або службовай дзейнасцю.

Дэпутатамі Вярхоўнага Савета не могуць быць Прэзідэнт, члены Кабінета Міністраў, суддзі, а таксама іншыя асобы, якія назначаюцца на пасаду Прэзідэнтам або па ўзгадненню з ім.

Артыкул 93. Дэпутат Вярхоўнага Савета не нясе юрыдычнай адказнасці за сваю дзейнасць у Вярхоўным Савеце, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, як у перыяд выканання дэпутацкіх паўнамоцтваў, так і пасля іх спынення.

Дэпутат Вархоўнага Савета не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды без згоды Вярхоўнага Савета, акрамя выпадкаў затрымання на месцы ўчынення злачынства.

Крымінальная справа супраць дэпутата Вярхоўнага Савета можа быць узбуджана Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнага Савета, а ў перыяд паміж сесіямі – са згоды Прэзідыума Вярхоўнага Савета.

Артыкул 94. Парадак дзейнасці Вярхоўнага Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаецца Рэгламентам Вярхоўнага Савета, які прымаецца Вярхоўным Саветам і падпісваецца яго Старшынёй, а таксама іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 4. 

ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 95. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з'яўляецца кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады.

Артыкул 96. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш дзесяці гадоў.

Артыкул 97. Прэзідэнт выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь. Тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта – пяць гадоў. Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не болыш двух тэрмінаў.

Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта вылучаюцца не менш чым 70 дэпутатамі Вярхоўнага Савета, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь – пры наяўнасці не менш як 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.

Выбары Прэзідэнта назначаюцца Вярхоўным Саветам не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта.

Калі пасада Прэзідэнта аказалася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым праз 70 дзён з дня адкрыцця вакансіі.

Артыкул 98. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш паловы грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў.

Прэзідэнт лічыцца выбраным, калі за яго прагаласавала больш як палова грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Калі ні адзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасавання па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лічыцца кандыдат у Прэзідэнты, які атрымаў пры паўторным галасаванні больш паловы галасоў выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні.

Парадак правядзення выбараў Прэзідэнта вызначаецца законам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 99. Прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі наступнага зместу:

«Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся служыць народу Рэспублікі Беларусь, выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы на спецыяльным пасяджэнні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь не пазней двух месяцаў з дня выбрання Прэзідэнта. З моманту прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзідэнта спыняюцца.

Артыкул 100. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:

1) прымае меры па ахове суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, забеспячэнню палітычнай і эканамічнай стабільнасці, захоўванню правоў і свабод грамадзян;

2) кіруе сістэмай органаў выканаўчай улады і забяспечвае іх узаемадзеянне з прадстаўнічымі органамі;

3) стварае і скасоўвае міністэрствы, дзяржаўныя камітэты і іншыя цэнтральныя органы кіравання Рэспублікі Беларусь;

4) са згоды Вярхоўнага Савета назначае і вызваляе ад пасады Прэм'ер-міністра, яго намеснікаў, міністраў замежных спраў, фінансаў, абароны, унутраных спраў, Старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі; назначае і вызваляе ад пасады іншых членаў Кабінета Міністраў; прымае адстаўку ўказаных у гэтым пункце асоб;

5) прадстаўляе Вярхоўнаму Савету кандыдатуры для выбрання на пасады Старшыні Канстытуцыйнага Суда, Старшыні Вярхоўнага Суда, Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка;

6) штогод прадстаўляе Вярхоўнаму Савету даклады аб становішчы дзяржавы, па ўласнай ініцыятыве або па прапанове Вярхоўнага Савета інфармуе Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь аб рэалізацыі ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь;

7) звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнага Савета;

8) паведамляе Вярхоўнаму Савету аб Праграме дзейнасці Кабінета Міністраў;

9) мае права ўдзельнічаць у рабоце Вярхоўнага Савета і яго органаў, выступаць перад імі ў любы час з прамовай або паведамленнем;

10) назначае суддзяў Рэспублікі Беларусь, акрамя тых, выбранне якіх аднесена да кампетэнцыі Вярхоўнага Савета;

11) назначае іншых службовых асоб, пасады якіх вызначаны ў адпаведнасці з законам, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй;

12) вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненні і прадастаўленні прытулку;

13) узнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, прысвойвае класныя чыны і званні;

14) ажыццяўляе памілаванне асуджаных грамадзян;

15) прадстаўляе дзяржаву ў адносінах з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі;

16) вядзе перагаворы і падпісвае міжнародныя дагаворы, назначае і адклікае дыпламатычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях;

17) прымае даверчыя і адзыўныя граматы акрэдытаваных пры ім дыпламатычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў;

18) у выпадку стыхійнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Вярхоўнага Савета;

19) у выпадках, прадугледжаных законам, мае права адкласці правядзенне забастоўкі або прыпыніць яе не больш чым на двухмесячны тэрмін;

20) падпісвае законы, мае права не пазней чым у дзесяцідзённы тэрмін з дня атрымання закона вярнуць яго са сваімі пярэчаннямі ў Вярхоўны Савет для паўторнага абмеркавання і галасавання. Калі Вярхоўны Савет большасцю не менш як дзве трэці ад выбраных дэпутатаў пацвердзіць раней прынятае ім рашэнне, Прэзідэнт абавязаны падпісаць закон у трохдзённы тэрмін; нявернуты ва ўказаны тэрмін закон лічыцца падпісаным;

21) мае права адмяняць акты падведамных яму органаў выканаўчай улады;

22) прыпыняе рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў у выпадку неадпаведнасці іх закону;

23) узначальвае Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь;

24) з'яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь;

25) уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, аб'яўляе поўную або частковую мабілізацыю;

26) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі.

Прэзідэнт не мае права дэлегаваць якім-небудзь органам ці службовым асобам свае паўнамоцтвы як кіраўніка дзяржавы.

Артыкул 101. Прэзідэнт выдае ў межах сваіх паўнамоцтваў указы і распараджэнні, арганізуе і кантралюе іх выкананне.

Артыкул 102. Прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады, атрымліваць апрача заработнай платы грашовыя ўзнагароджанні, за выключэннем ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.

Прэзідэнт прыпыняе членства ў палітычных партыях і іншых грамадскіх аб'яднаннях, якія дамагаюцца палітычных мэт, на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў.

Артыкул 103. Прэзідэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзідэнта прымаецца Вярхоўным Саветам.

Артыкул 104. Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў выпадку парушэння Канстытуцыі або ўчынення ім злачынства, а таксама датэрмінова вызвалены ад пасады пры немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў па стану здароўя пастановай Вярхоўнага Савета, прынятай большасцю не менш як дзве трэці ад выбраных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

Пытанне аб зняцці Прэзідэнта можа быць пастаўлена па прапанове не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Заключэнне аб парушэнні Прэзідэнтам Канстытуцыі даецца Канстытуцыйным Судом, аб учыненні злачынства – спецыяльнай камісіяй Вярхоўнага Савета. 3 моманту вынясення заключэння Канстытуцыйнага Суда аб парушэнні Канстытуцыі ці заключэння спецыяльнай камісіі аб учыненні злачынства Прэзідэнт не можа выконваць свае абавязкі да вынясення Вярхоўным Саветам адпаведнага рашэння.

У выпадку зняцця Прэзідэнта ў сувязі з учыненнем злачынства справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярхоўным Судом.

Артыкул 105. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам пераходзяць да Старшыні Вярхоўнага Савета.

У гэтым выпадку абавязкі Старшыні Вярхоўнага Савета пераходзяць да Першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета.

Артыкул 106. Для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады ў галінах эканомікі, знешняй палітыкі, абароны, нацыянальнай бяспекі, аховы грамадскага парадку і іншых сферах дзяржаўнага кіраўніцтва пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ствараецца Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 107. Кабінет Міністраў складае свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам.

Члены Кабінета Міністраў назначаюцца і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам. Прэм'ер-міністр, яго намеснікі, міністры замежных спраў, фінансаў, абароны, унутраных спраў, Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі назначаюцца і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам са згоды Вярхоўнага Савета.

Прэм'ер-міністр ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва дзейнасцю Кабінета Міністраў, падпісвае акты Кабінета Міністраў, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выконвае іншыя ўскладзеныя на яго функцыі.

Вярхоўны Савет мае права заслухаць справаздачу любога члена Кабінета Міністраў па пытаннях выканання законаў. У выпадку парушэння членам Кабінета Міністраў Канстытуцыі і законаў Вярхоўны Савет мае права паставіць перад Прэзідэнтам пытанне аб датэрміновым вызваленні яго ад пасады.

Артыкул 108. Кампетэнцыя Кабінета Міністраў, парадак яго дзейнасці вызначаюцца на аснове Канстытуцыі Законам аб Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 5. 

СУД

Артыкул 109. Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам.

Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь вызначаецца законам.

Утварэнне надзвычайных судоў забараняецца.

Артыкул 110. Суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.

Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананню правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць па закону.

Артыкул 111. Суддзі не могуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, выконваць іншую аплатную работу, акрамя выкладчыцкай і навукова-даследчай, не звязанай з займаннем штатных пасад.

Падставы для выбрання (назначэння) суддзяў на пасады і іх вызвалення прадугледжваюцца законам.

Артыкул 112. Суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі, законаў і прынятых у адпаведнасці з імі іншых нарматыўных актаў.

Калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі або іншаму закону, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным.

Артыкул 113. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках – аднаасобна суддзямі.

Артыкул 114. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты.

Слуханне спраў у закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з захаваннем усіх правіл судаводства.

Артыкул 115. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе.

Артыкул 116. Бакі маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.

РАЗДЗЕЛ V. 

МЯСЦОВАЕ КІРАВАННЕ I САМАКІРАВАННЕ

Артыкул 117. Мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, мясцовыя рэферэндумы, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах.

Артыкул 118. Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на чатыры гады.

Артыкул 119. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў.

Артыкул 120. Да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў належаць:

зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, мясцовых бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні;

устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў;

вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю;

назначэнне мясцовых рэферэндумаў.

Артыкул 121. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі.

Артыкул 122. Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымі Саветамі дэпутатаў.

Рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца адпаведнымі Саветамі дэпутатаў, вышэйстаячымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, іх выканаўчых і распарадчых органаў, якія абмяжоўваюць ці парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, а таксама ў іншых прадугледжаных заканадаўствам выпадках могуць быць абскарджаны ў суд.

Артыкул 123. У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясцовым Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Вярхоўным Саветам. Іншыя падставы датэрміновага спынення паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў вызначаюцца законам.

Артыкул 124. Кампетэнцыя, парадак стварэння і дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання вызначаюцца законам.

РАЗДЗЕЛ VI. 

ДЗЯРЖАЎНЫ КАНТРОЛЬ І НАГЛЯД

ГЛАВА 6. 

КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 125. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 126. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь выбіраецца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь з кваліфікаваных спецыялістаў у галіне права ў колькасці 11 суддзяў. Тэрмін паўнамоцтваў членаў Канстытуцыйнага Суда – 11 гадоў. Гранічны ўзрост членаў Канстытуцыйнага Суда – 60 гадоў.

Асобы, выбраныя ў Канстытуцыйны Суд, не могуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, выконваць іншую аплатную работу, акрамя выкладчыцкай і навукова-даследчай работы, не звязанай з займаннем штатных пасад.

Асобы, выбраныя ў Канстытуцыйны Суд, маюць права ў любы час падаць у адстаўку.

Прамое або ўскоснае ўздзеянне на Канстытуцыйны Суд або яго членаў, звязанае з дзейнасцю па ажыццяўленню канстытуцыйнага кантролю, недапушчальнае і цягне адказнасць па закону.

Артыкул 127. Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта, Старшыні Вярхоўнага Савета, пастаянных камісій Вярхоўнага Савета, не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Генеральнага пракурора дае заключэнні:

аб адпаведнасці законаў, міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;

аб адпаведнасці прававых актаў міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, указаў Прэзідэнта, пастаноў Кабінета Міністраў, а таксама актаў Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Генеральнага пракурора, якія маюць нарматыўны характар, Канстытуцыі, законам і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

Канстытуцыйны Суд мае права паводле свайго меркавання разгледзець пытанне аб адпаведнасці нарматыўных актаў любога дзяржаўнага органа, грамадскага аб'яднання Канстытуцыі і законам, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

Артыкул 128. Нарматыўныя акты, міжнародныя дагаворныя або іншыя абавязацельствы, прызнаныя Канстытуцыйным Судом неканстытуцыйнымі з прычыны парушэння імі правоў і свабод чалавека, лічацца не маючымі юрыдычнай сілы ў цэлым ці ў пэўнай іх частцы з моманту прыняцця адпаведнага акта.

Іншыя нарматыўныя акты дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў, міжнародныя дагаворныя або іншыя абавязацельствы, прызнаныя Канстытуцыйным Судом неадпаведнымі Канстытуцыі, законам або міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, лічацца страціўшымі сілу ў цэлым або ў пэўнай іх частцы з моманту, які вызначаецца Канстытуцыйным Судом.

Нарматыўна-прававыя акты міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, прызнаныя Канстытуцыйным Судом неадпаведнымі Канстытуцыі, законам або міжнародна-прававым актам, лічацца нядзеючымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у цэлым або ў пэўнай іх частцы з моманту, які вызначаецца Канстытуцыйным Судом.

Канстытуцыйны Суд выносіць рашэнні простай большасцю галасоў ад поўнага складу суддзяў.

Артыкул 129. Заключэнні Канстытуцыйнага Суда з'яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць.

Артыкул 130. Канстытуцыйны Суд мае права ўносіць прапановы ў Вярхоўны Савет аб неабходнасці змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, а таксама аб прыняцці і змяненні законаў. Такія прапановы падлягаюць абавязковаму разгляду Вярхоўным Саветам.

Артыкул 131. Асобы, выбраныя ў Канстытуцыйны Суд, не могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, арыштаваны, іншым спосабам пазбаўлены асабістай свабоды без згоды Вярхоўнага Савета, акрамя выпадкаў затрымання на месцы ўчынення злачынства.

Крымінальная справа супраць члена Канстытуцыйнага Суда можа быць узбуджана Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнага Савета.

Артыкул 132. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Канстытуцыйнага Суда вызначаюцца законам.

ГЛАВА 7. 

ПРАКУРАТУРА

Артыкул 133. Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў міністэрствамі і іншымі падведамнымі Кабінету Міністраў органамі, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, грамадскімі аб'яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў.

Пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры расследаванні злачынастваў, адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх, крымінальных справах і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, у выпадках, прадугледжаных законам, праводзіць папярэдняе следства, падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачанне ў судах.

Артыкул 134. Адзіную і цэнтралізаваную сістэму органаў пракуратуры ўзначальвае Генеральны пракурор, які выбіраецца Вярхоўным Саветам.

Ніжэйстаячыя пракуроры назначаюцца Генеральным пракурорам.

Артыкул 135. Генеральны пракурор і ніжэйстаячыя пракуроры незалежныя ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца толькі законам. У сваёй дзейнасці Генеральны пракурор падсправаздачны Вярхоўнаму Савету.

Артыкул 136. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца законам.

ГЛАВА 8. 

КАНТРОЛЬНАЯ ПАЛАТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 137. Кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем актаў Вярхоўнага Савета, якія рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны, ажыццяўляе Кантрольная палата.

Артыкул 138. Кантрольная палата ўтвараецца Вярхоўным Саветам, дзейнічае пад яго кіраўніцтвам і падсправаздачная яму.

Артыкул 139. Старшыня Кантрольнай палаты выбіраецца Вярхоўным Саветам тэрмінам на пяць гадоў.

Артыкул 140. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Кантрольнай палаты вызначаюцца законам.


Report Page