***

***

Dzmitranok

Ён пісаў ёй так шмат, што аж надакучыў. Не доўга думаючы, яна ператварыла яго ў радыёпрымач. Цяпер, калі ён назаляў сваімі бу-бу-бу, яна магла яго проста выключыць ці лёгкім рухам рукі знайсці прыемную музыку і далей займацца сваімі справамі. Ён вельмі любіў усё звязанае з радыё і таму спачатку новая роля яму спадабалася, але хутка абрыдла. Чысты дуб, храмаваны рызістары гуку і тэмбру, у святле транзістарных лямпаў ён быў такі прыгажун - кінуў усё, ператварыў сябе ў радыёхвалю і пайшоў гуляць па частотах. Ш-ш-шш... 645LW – Radio Clarin, далёкая Аргентына, бяскрайнія пампы, стэйк, дыктар чытае нешта з Картасара. Ш-ш-шшш 1532LМ – Radio Helderberg, Паўднёвая Афрыка, праблемы міграцыі птушак, апартэід, добры чырвоны Шыраз 1975 году. Ш-ш-ш 708АМ – PacifaBeat, начны эфір аўстралійскага радыё. Хутка ён ведаў усе мовы свету, лёгка скачучы праз кантыненты без візаў і дагляду ў аэрапортах – ноч уступала ў неразборлівыя сувязі з днём.


Яна не ведала, што ён перастаў быць радыёпрымачом: танчыла побач з драўлянаю скрынаю, пыл выцірала. Раніцой, днём і ўвечары пад чужыя размовы і добрую музыку - спакойная, што гэта быў ён. Калі б мог, ён бы паведаміў, толькі больш не пісаў. З вандровак дасылаў прыгожыя песні ёй на FM і вяртаўся назад на сярэднія і доўгія хвалі назіраць, як там знічкамі адна за адной змаўкаюць у шуме эфіру апошнія аналагавыя радыёстанцыі. 745АM - Califirnia Radio: “З гэтага моманту слухайце нас у інтэрнеце”. Урэшце рэшт ён застанецца адзін у гэтым шуме. Будзе самотна плыць у бездані космасу былых галасоў і чакаць, калі яна заўважыць яго непрысутнасць. У шуме, што вечны як космас, як вечны пыл на радыёпрымачы.




Report Page